Анлайн-перакладчык «Народны слоўнік»

Запусцілі праект 18 снежня 2017 года

«Народны слоўнік» – гэта анлайн-перакладчык між беларускай, ангельскай і расейскай мовамі.

Чаму народны? Усё таму, што грунтуецца на народным слове і, як кажуць аўтары слоўніка, «складзены людзьмі, якія не змарнавалі цалюткае жыцьцё навукай». Каштоўнасць і ўнікальнасць слоўніка ў тым, што пры перакладзе на беларускую мову запазычаным словам прапаноўваецца беларускі («больш беларускі») адпаведнік.

Нашай задачай было распрацаваць вэб-прыкладанне, з дапамогай якога карыстальнікі змогуць максімальна зручна рабіць пераклады.

Рэалізацыя

Першае, што бачыць карыстальнік, калі адкрывае анлайн-перакладчык – гэта радок уводу. Яго мы стылізавалі пад кніжную паліцу.

Побач з радком уводу карыстальнік можа выбраць мову, на якую будзе ажыццяўляцца пераклад: беларуская, расейская ці ангельская. Сэрвіс робіць пераклад у двух кірунках. Так, напрыклад, калі карыстальнік выбраў варыянт «Bel⇄Rus», сэрвіс перакладзе слова як з расейскай на беларускую мову, так і з беларускай на расейскую.
Пад радком уводу размясцілі слайдэр са спасылкамі на праекты аднаго з аўтараў «Народнага слоўніка».

Для карыстальнікаў, у якіх на кампутары не ўстаноўлена беларуская мова, прадугледзелі віртуальную клавіятуру. На смартфонах і планшэтах замест віртуальнай клавіятуры проста дабавілі сімвалы, якіх няма ў рускай раскладцы.

Пры ўводзе слова для перакладу, наведвальнік можа скарыстацца падказкамі, якія паказваюцца ў радку.

Вынікі перакладу з’яўляюцца пад радком уводу. Тут карыстальнік можа знайсці варыянты перакладу слова з разбіўкай па часцінам мовы і сферам ужывання. Калі слова, якое трэба перакласці, пішацца аднолькава на абедзвюх мовах, сэрвіс прапаноўвае пераклад у абодвух кірунках.

Каб карыстальнікам было прасцей знайсці адпаведны варыянт перакладу, увялі блок, у якім можна праглядваць суседнія па слоўніку словы.

Калі карыстальнік ведае альтэрнатыўны варыянт перакладу, ён можа прапанаваць яго з дапамогай спецыяльнай формы.

Карыстальнікі могуць упісваць у радок уводу словы з арфаграфічнымі памылкамі ці памылкамі друку. Каб палегчыць пошук перакладу па такім словам, дабавілі блок «Магчыма, Вы мелі на ўвазе», у якім паказваюцца блізкія па гучанню словы. Для пошуку такіх слоў выкарыстоўвалі алгарытмы невыразнага пошуку: Metaphone, вылічэнне адлегласці Левенштэйна і алгарытм Олівера. Спачатку пошук падобных слоў адбываецца на беларускай мове. Калі падобныя словы не знойдзены, пошук працягваецца на расейскай ці ангельскай мовах.

Словы, па якім пераклад не знайшоўся, захоўваюцца ў базе дадзеных.

Аўтары «Народнага слоўніка» зацікаўлены ў пастаянным паляпшэнні якасці перакладу. Каб заказчык мог разумець, наколькі карыстальнікі задаволены вынікамі перакладаў, дабавілі блок ацэнак.

Заказчык можа праглядваць статыстыку ацэнак па кожнаму слову ў абсалютных і адносных велічынях.

Вэб-прыкладанне адаптыўнае, таму ім аднолькава зручна і прыемна карыстацца як з кампутараў, так і з мабільных прылад.

«Народны слоўнік» – сэрвіс, які стварылі людзі, неабыякавыя да беларускай мовы і культуры. І мы вельмі рады, што сталі часткай гэтага праекта. Працаваць над вэб-прыкладаннем было цікава і вельмі прыемна.

Меню