Сайт музея Максіма Багдановіча ў Гродне

Запусцілі праект 17 жніўня 2016 года

Пра што гэты праект?

Гэты сайт з’явіўся як сацыяльна-рэкламны праект студыі. Мы абмяркоўвалі маркетынгавыя планы кампаніі на наступны год і да нас прыйшла ідэя: а што, калі распрацаваць сайт, які ў поўнай меры пакажа нашы прафесійныя магчымасці? Пачалі развіваць думку. У выніку вырашылі бясплатна распрацаваць сайт, які прынясе карысць беларускай культуры ці нашаму роднаму гораду. Зрабілі спіс арганізацый, з якімі мы хацелі бы папрацаваць, і ў выніку спыніліся на Музеі Максіма Багдановіча ў Гродне.

Праблема

Значная колькасць падарожнікаў пры планаванні вандроўкі карыстаецца інтэрнэтам. Музей жа практычна не выкарыстоўваў гэты канал для прасоўвання сваіх паслуг. У інтэрнэце было недастаткова інфармацыі, здольнай зацікавіць падарожніка ў наведванні музея.

Мэты і задачы

Фарміруем асноўныя мэты сайта:

  • Прасоўванне паслуг музея ў інтэрнэце.
  • Папулярызацыя творчасці Максіма Багдановіча.

Вырашаем стварыць сайт, дзе наведвальнікі змогуць атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра музей, яго паслугі, зручна заказаць экскурсію, а таксама пазнаёміцца з творчасцю выдатнага пісьменніка.

Праектаванне

Прадумваем інтэрфейс будучага сайта. На дэсктопе вырашаем зрабіць навігацыю, якая нагадвае «пераязджанне» ў межах адной старонкі. На мабільных прыладах абмяжоўваемся простай перазагрузкай старонак, каб павялічыць хуткасць працы сайта на смартфонах.

Дызайн

Першае, што мы зрабілі, — сабралі кантэнт, каб вакол яго будаваць сайт. Затым структуравалі інфармацыю, падабралі медыйны кантэнт і правялі фотасесію экспазіцыі музея.

Увесь кантэнт падзялілі на дзве групы: першая датычылася менавіта музея, другая — жыцця і творчасці Максіма Багдановіча. Галоўнае меню таксама падзялілі на дзве часткі.

На галоўнай старонцы наведвальнік можа хутка атрымаць асноўную інфармацыю пра музей і яго паслугі.

Каб перадаць атмасферу музея, яшчэ да старту праекта вырашылі насыціць сайт фотакантэнтам. Для раздзела «Экспазіцыя» спецыяльна распрацавалі скрыпт «Cyclorama», які дэманструе экспазіцыі ў фармаце 360 градусаў.

Не абмінулі і камерцыйны бок праекта: наведвальнікі сайта могуць зручна заказаць экскурсіі, лекцыі і тэматычныя заняткі, хутка даведацца пра кошт паслуг.

У блоку, які прысвечаны творчасці Максіма Багдановіча, наведвальнікі могуць знайсці вершы, апавяданні і пераклады пісьменніка.

Біяграфію аўтара наглядна паказалі пры дапамозе таймлайна.

Сайтам зручна карыстацца з мабільных прылад, таму што ён адаптыўны.

Праграмаванне

Для рэалізацыі адаптыўнасці праграміст не выкарыстоўваў фрэймворк, а пісаў кастамны код, каб павялічыць хуткасць сайта на мабільных прыладах. Таксама былі выкарыстаны і іншыя тэхнікі, напрыклад, загрузка фотаздымкаў і малюнкаў розных памераў для адпаведных памераў экрану прыладаў.

Бэкэнд сайта пабудаваны на фрэймворку Yii, што таксама зрабіла яго больш хуткім. У адрозненні ад гатовых CMS фрэймворк не мае лішняга функцыяналу, што значна спрошчвае працу кантэнт-менеджэра.

Сайт працуе на PHP 7.0 і выкарыстоўвае абароненае злучэнне па пратаколе https.

Вынікі

За першыя 2 дні пасля запуску пра сайт даведалася значная колькасць людзей. Спасылкай на сайт падзяліліся больш за 200 разоў. Мы нават не лічылі колькасць паўторных публікацый, іх было значна больш.

Відавочна, што праца прайшла не дарэмна. Таму мы вырашылі ператварыць разавую ініцыятыву ў праект і штогод запускаць вэб-сайт, які будзе прыносіць карысць беларускай культуры.

Меню